Хочаш,
я раскажу табе
казку?
Там будуць князёўны,
там будуць героі,
і абымшэлыя вежы палацаў,
і цяжкія ўздыхі
бліскучай зброі.
Хочаш?
Там будуць агні над багнай,
і навальніцы над курганамі,
і покліч рагоў паляўнічых прагны,
пад покрывам Пушчы —
алень загнаны.
Ты бачыш?
Вакол нас віруюць цені
і шэпчуць спакусліва і салодка
пра запаветныя сцежкі сненняў,
што зводзяць прэч
ад любых турботаў.
Ты іх не слухай:
нам – далей крочыць
па лесвіцы з месяцовых промняў
пад сінім покрывам
вечнай ночы,
што пакідае іней
на скронях.
Казка
расказваецца, але і,
з крывёю змяшаная,
у жылах б’ецца.
Бо створанае толькі тады ацалее,
калі ў ім трапеча
драбочак
сэрца.
Я, можа быць,
досыць часта хлушу,
ды хлусіць табе не змагу ніколі.
Нераспавядзёныя казкі
душаць,
пакуль яны ўнутры
зняволеныя.
Яны прыходзяць
загнаным аленем,
агнямі плывуць
над дарогаю гразкай.
Пакладзі ж галаву да мяне на калені.
Хочаш,
я раскажу табе
казку?